A R C H E П а ч а т а к № 3 (54) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


32007
" да Зьместу "

 



выбары 2007 • крытыка • аналітыка • гісторыя • літаратура • мова

 


 

  АЛЕГ ГАРДЗІЕНКА

Вокладка «ARCHE» №3
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Алег Гардзіенка
Граблі міталягізацыі

Ужо двойчы ў ХХ ст. беларусы, якім бракавала ўласных нацыянальных герояў, наступалі на граблі мітаў. Першы раз — за савецкім часам, калі настваралі сабе герояў-камуністаў, другі раз — у 1990-я, калі пачалі міталягізаваць гісторыю нацыянальнага руху, асабліва часоў апошняй вайны.

Безумоўна, на пэўным этапе існаваньня нацыі міталягізаванае мінулае бывае неабходным. Але ў часе гістарычнага разьвіцьця і дэталёвага вывучэньня гераізаваных падзеяў частка мітаў умацоўваецца, іншыя руйнуюцца, прычым тое руйнаваньне можа мець вынікі яшчэ больш небясьпечныя, чым наогул адсутнасьць нацыянальнай міталёгіі — расчараваньне.

Гаворка найперш пра ідэалізацыю беларускіх дзеячоў часоў другой усясьветнай вайны — як беззаганных патрыётаў-антыкамуністаў. Як і сярод нас сёньняшніх, тады сярод іх не было выключна станоўчых і адмоўных пэрсанажаў. Пагатоў умовы для нацыянальнай дзейнасьці былі спэцыфічныя, асабліва выпрабоўвалася мараль...

ЭПІСТАЛЯРНЫЯ АРХІВЫ ЯК КРЫНІЦА ІНФАРМАЦЫІ

У Бібліятэцы Ратгерскага ўнівэрсытэту (Нью-Джэрзі) захоўваецца архіў нацыянальнага дзеяча Івана Касяка. Дзевяць скрыняў, збольшага прысьвечаных эміграцыйным справам: Касяк 32 гады ўзначальваў Беларускі Кангрэсавы Камітэт, быў актывістам царкоўнага жыцьця, браў удзел у антыкамуністычных канфэрэнцыях. Ён быў досыць паважаным і аўтарытэтным чалавекам, як у беларускім, так і ў амэрыканскім асяродзьдзі. Сярод амэрыканцаў Касяк здабыў сабе вядомасьць як інжынэр-архітэктар.

Утрымліваюцца ў прыватным архіве і эпісталярыі. Ліставаньне было шырокае: ад Заходняй Эўропы да Аргентыны і Аўстраліі. Ёсьць ліставаньне з прэзыдэнтам БЦР Радаславам Астроўскім.

Іван Касяк быў для Астроўскага аднадумцам і найбліжэйшым дарадцам. Робячы нейкія палітычныя крокі, прэзыдэнт БЦР кансультаваўся з малодшым калегам і нават зьбіраўся з часам перадаць яму прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. У выніку любая, нават малаважная падзея, што здаралася на эміграцыі, знаходзіла адлюстраваньне ў лістоўных камэнтарах. Часам жорсткіх, без увагі на аўтарытэты.

Гісторыкі ведаюць, што эпісталярыі — найбольш суб’ектыўны від крыніцаў, у гэтым іхняя загана й каштоўнасьць. Ёсьць шмат пытаньняў, адказы на якія магчыма знайсьці толькі ў прыватным ліставаньні. На жаль, праверыць тыя адказы часам немагчыма. У прыватных лістах паміж блізкімі людзьмі, не прызначаных для друку, аўтарам няма сэнсу маніць. Вось і атрымоўваецца, што часам лісты — тая крыніца, адкуль можна дазнацца праўду: жорсткую і непрычасаную рэдактарскімі праўкамі.

На эміграцыі вялікі розгалас меў часопіс «Летапіс беларускай эміграцыі», у якім рэдактары (спачатку Леанід Галяк, а потым Мікола Панькоў і Васіль Шчэцька) друкавалі прыватнае ліставаньне грамадзкіх дзеячоў, дзе шмат хто, ня думаючы пра тое, што іхныя лісты некалі будуць выдрукаваныя, часам вельмі адкрыта выказвалі свае меркаваньні наконт той ці іншай падзеі ці асобы.

Вернемся да архіву Касяка. Менавіта тут утрымліваўся адзін ліст, публікацыя якога на сайце «НН» выклікала шмат нараканьняў.

ХТО ЗДАЎ ГАДЛЕЎСКАГА

У апошнім нумары газэты «Бацькаўшчына» (Мюнхэн) за 1952 г. зьявіўся артыкул А. Пякарскага «Сумная гадавіна. (Да дзясятай гадавіны арышту й расстрэлу ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага)». Аўтар артыкулу зьвінаваціў Івана Касяка у тым, што менавіта паводле ягонага даносу сьвятар быў арыштаваны.

Артыкул так раззлаваў Астроўскага, што ён нават ня думаў пісаць абвяржэньня, а прапанаваў наўпрост зьвярнуцца ў нямецкі суд:

Высокапаважаныя Інжынэру і Доктару [копія ліста адрасавалася д-ру Івану Ермачэнку. — А. Г.], пасылаю Вам выразку з газэты «Бацькаўшчына» з пашквілем на Вас і прапаную гэтую сварку скіраваць у нямецкі суд. Аўтар артыкулу безумоўна моцна сядзе, бо ж ён ані давядзе, што вы былі агентамі гестапо, ані што даносілі на Гадлеўскага, ані тое, што з прычыны Вашых даносаў Гадлеўскі быў расстрэлены. Справа ясная і прысуд мураваны (...) Прысылайце грошы ў Нямеччыну і я зараз жа найму ў Мюнхэне адваката немца і іх заляпісуем!

На згаданым паседжаньні 17 сьнежня 1942 г., як сьцьвярджае Радаслаў Астроўскі, кс. Вінцэнт Гадлеўскі заявіў, што на яго зрабіў данос Янка Станкевіч, і ўсе прысутныя закляймілі даносчыка ды прынялі рэзалюцыю пра тое, каб не выносіць унутраных спрэчак беларускага актыву навонкі. Аднак на наступны дзень стала вядома, што нехта данёс немцам пра тое, што адбывалася на нарадзе, і асабліва што Янка Станкевіч «у вострай форме выражаўся супраць Ген. Камісарыяту».

Я зараз жа пайшоў да Др. Ермачэнкі і прасіў яго склікаць зараз жа на паседжаньне ўсіх тых, хто быў прысутны на ўчорашнім паседжаньні. Др. Ермачэнка склікаў такую канфэрэнцыю. Я тады расказаў прысутным аб візыце Сівіцы [чыноўнік палітычнага аддзелу генкамісарыяту — А. Г.] і аб тым, што даслоўна ім былі паўтораны словы, якія Я. Ст. казаў. У сувязі з гэтым я паставіў запытаньне: пасьля прынятае ўчора пастановы нехта выламаўся з-пад дысцыпліны і прасіў прызнацца, хто гэта зрабіў? На маё запытаньне ўстаў сканфужана кс. Гадлеўскі (бо, відаць, падазраваў, што Сівіца мне сказаў, ад каго чуў). І заявіў: «Меа кульпа, гэта зрабіў я, але я зьяўляюся чыноўнікам генэральнага камісарыяту і лічыў сваім абавязкам гэта сказаць!»

У пачатку 1953 г. допіс Астроўскага зьявіўся ў газэце «Незалежная Беларусь» (Лянгенфэльд, Нямеччына), а пасьля на старонках той «Бацькаўшчыны» Янка Станкевіч зьмясьціў ліст, у якім зьвінаваціў Радаслава Астроўскага ў хлусьні. Станкевіч пісаў, што Астроўскі маніць, — калі кажа, што Гадлеўскі на той час быў галоўным школьным інспэктарам [на той час Скурат. — А. Г.] і самога Станкевіча ў той час у Менску не было: ён рабіў падарожжа ў Бэрлін, Прагу, Літву, выехаўшы перад 15 сьнежнем.

Я пераканаўшыся, што ніхто не павера цьвержаньнем Астроўскага, каб кс. Гадлеўскі калі-кольвечы мог сказаць, што я яго ўдаваў Немцам. Усе ведаюць, што я на таковыя рэчы ня здольны. Ведае гэта добра і сам Астроўскі. Пішу гэты ліст, каб паказаць, якімі ненармальнымі сродкамі карыстаецца пан Астроўскі. (...) Астроўскі ня піша, хто апрача яго, др. Я. Ермачэнкі, кс. Гадлеўскага й мяне быў на гэтых пасяджэньнях 17 і 18 сьн. 1942 г. Я ня ведаю, ці былі тады якія паседжаньні з учасьцем Гадлеўскага й Астроўскага; я на іх ня быў, калі яны й былі. Я быў выехаўшы зь Менску ў падарожжа яшчэ перад 15 сьнежня 19421.

  гісторык, супрацоўнік «Нашай Нівы». У 2006—2007 гг. рэдактар кніг «Летапісны звод сусьвету чалавека сучаснага» (Л. Юрэвіч), «Людзі СБМ»
(Ю. Туронак), «Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў» (А. Адзінец), часопісу
«Запісы БІНІМ».
   

Зазначым, што праз шэсьць дзён Гадлеўскі быў расстраляны ў Трасьцянцы.

Такім чынам, мы маемдва розныя сьведчаньні: Астроўскага і Станкевіча. Хто зь іх маніў? Астроўскі? Але навошта ён прапаноўваў зьвярнуцца ў нямецкі суд, і ці мог бы там даказаць сваю правату Станкевіч? Пагатоў у пачатку 1950-х Янка Станкевіч зрабіў некалькі неразважлівых крокаў, скіраваных на разгалошаньне «грамадзкае таямніцы». Так у 1950-х ён распаўсюдзіў за ўласны кошт брашуру, складзеную зь перапіскі між сябрамі Рады БНР, якая найлепшым чынам ілюстравала супярэчнасьці ў тагачаснай Радзе БНР. Кніжка стала найлепшым падарункам для сябраў БЦР.

Тым ня менш, ні для кога не было сакрэтам, што палітык Станкевіч і палітык Гадлеўскі варагавалі. Леанід Галяк у сваіх успамінах зазначае, што ўжо пасьля вайны на адным з пасяджэньняў беларускіх дзеячоў Іван Касяк сьцьвярджаў, што Станкевіч «негатыўна ацэньваў дзейнасьць Гадлеўскага»2. Можна дапусьціць, што варагаваньне між Станкевічам і Гадлеўскім ішло ад 1940—1941 гадоў, калі абодва прадстаўлялі розныя палітычныя групоўкі. Паводле Ю. Туронка, Станкевіч і Вацлаў Іваноўскі зьвязвалі будучыню Беларусі з заходнімі саюзьнікамі, Мікалай Шчорс і В. Гадлеўскі лічылі на той час мэтазгоднай стаўку на Нямеччыну.

  1 Бацькаўшчына. 1953. 1 травеня.

   
Напісаньне даносаў падчас апошняй вайны зусім не неймаверная ці ўнікальная зьява для таго часу. Даносы былі адным са складнікаў беларускага палітычнага жыцьця часоў вайны і ня толькі. Зачапіла фраза Я. Станкевіча: «Усе ведаюць, што я на таковыя рэчы [даносы], ня здольны». А хто быў здольны?

Гадлеўскі быў палітыкам і сьвятаром. А дзейнасьць беларускіх ксяндзоў не падабалася многім, якія стараліся іх пазбыцца, прычым рукамі немцаў.

Была такая групоўка, каго гісторык Юры Туронак назваў «праваслаўнымі экстрэмістамі» (Іван Касяк, Юльян Саковіч, Дзьмітры Касмовіч, Леанід Галяк) — маладыя людзі, што прысьпешвалі працэс аўтакефаліі беларускай царквы, імкнуліся беларусізаваць зрасейшчаную царкву ды лічылі, што адзінай рэлігіяй беларусаў ёсьць праваслаўе. Каталікі ўважаліся імі за палякаў і, з увагі на тагачасныя рэаліі, за ворагаў беларусаў. Зрэшты, іх можна зразумець. Сваёй бяздарнай нацыянальнай і рэлігійнай палітыкай 1930-х палякі здабылі сабе шмат непрыяцеляў сярод праваслаўнага насельніцтва Заходняй Беларусі. Але вось менавіта «праваслаўнае лобі» падазраюць у даносе на беларускіх ксяндзоў Станіслава Глякоўскага і Дзяніса Мальца, вынішчаных немцамі.

Таго ж Гадлеўскага маглі не любіць таксама і прадстаўнікі польскага касьцёлу. Ксёндз падрыхтаваў мэмарандум аб стварэньні беларускага каталіцкага біскупства — каб нарэшце ўнікнуць уплыву Варшавы. Мэмарандум быў пададзены ўвосень 1942 г. Ермачэнкам у генкамісарыят. Але празь некалькі тыдняў Гадлеўскі быў расстраляны і справа беларускага біскупства была замарожаная.

АСАБЛІВАСЬЦІ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ДАЧЫНЕНЬНЯЎ

Даносы пісаць непрыгожа, нават на заведама кепскага чалавека, нават калі гэта вораг беларушчыны. Але даносы былі зручным сродкам у палітычнай барацьбе.

У 1941 годзе палякі, імкнучыся заняць пасады ў акупацыйнай адміністрацыі заходнебеларускіх гарадоў, сотнямі пісалі даносы на беларусаў, вінавацячы іх у пракамуністычных сымпатыях. Немцы ня надта цырымоніліся зь людзьмі, падазраванымі ў супрацоўніцтве з камуністамі. Тут размовы былі кароткія. Улетку 1941 г. у Ляхавічах былі расстраляныя 22 беларусы, паводле «падазрэньня» ў супрацоўніцтве з камуністамі — сьпіс прадставілі палякі. Аналягічныя расстрэлы адбыліся ў Горадні, Ваўкавыску, Слоніме, Маладэчне, пад Івацэвічамі3.

  2 Галяк, Л. Успаміны. Кніга 2. ЗША: выдавецтва «Летапіс», 1983. С. 62.

   
У 1942—1943 гг. беларусы крыху сталі на ногі дзякуючы палітыцы беларусізацыі, наладжанай Беларускай народнай самапомаччу, і пачалі самі пісаць даносы на палякаў, каб такім чынам зьмясьціць іх з займаных пасадаў. Клясычны рапарт быў напісаны кіраўніком слонімскага акруговага аддзелу БНС Зыбайлам, у ім ён проста пералічвае прозьвішчы палякаў, вінавацячы іх, мякка кажучы, у «антынямецкіх настроях». Працытуем толькі некалькі абзацаў, захаваўшы стыль дакумэнту:

Палякі абсадзілі ў Слонімскай акрузе ўсе лесьніцтвы (па паліцыі другая па важнасьці са стратэгічнага боку, установа: аружжа і веданьне лясных абшараў), так сама палякамі абсаджаны і іншыя важныя ўстановы горада: Біржа працы, аправізацыя гарадзкой управы, электроўня, пажарная ахова — легіяніст Грымала і г. д. Гэта непоўны пералік устаноў, апанаваных палякамі, апанованых не дзеля служэньня Новаму Парадку, прыносемаму непераможнай Арміяй Адольфа Гітлера, але для сабатажу яго, дзеля арганізацыі дыверсійнай работы ў карысьць сусьветнае Рузьвельтоўска-жыдоўскае плютакрацыі. (...) Адным словам стараюцца пасеяць недаверра між беларускім насельніцтвам і ягонымі Асвабадзіцелямі. Уся гэта злосная прапаганда ненавісьці да Нямецкага і Беларускага Народаў выходзіць да агульназнаных польскіх патрыётаў, як ОЗН-вец Сарнэцкі, доктар Ледэль, перахрышчаны жыд Фэльдман —— былы польскі сышчык, Хмелеўскі, Браўнова і інш.4.

  3 Sprawozdanie d-ra Mikolaja Szczorsa… dnia 3-ho listopada 1941.

   

А на адным з паседжаньняў акруговых кіраўнікоў БНС у Менску прадстаўнік Баранавічаў Пануцэвіч казаў, чаму так моцна пастаўлена беларуская справа ў Баранавічах: сярод іншага, беларусы шчыльна супрацоўнічаюць з СД.

Даносы на прадстаўнікоў іншай нацыянальнасьці былі на той час сродкам выжываньня, і падобная практыка існавала ня толькі ў Заходняй Беларусі, але і ва ўсіх акупаваных краінах.

Пісалі адзін на аднаго даносы й беларускія дзеячы.

ВАЎКІ Ў АВЕЧАЙ СКУРЫ

Так, часам аўтарства даносу на Гадлеўскага прыпісваецца лідэру беларускіх нацыянал-сацыялістаў Фабіяну Акінчыцу. Вацлаў Пануцэвіч агучыў гэтае абвінавачаньне ў сваёй працы «Вінцэнт Гадлеўскі — дзяржаўны муж і правадыр беларускага народу».

За Акінчыца на старонках кліўлэндзкага часопісу «Уздым» заступіўся яго былы паплечнік, а з 1972 г. мітрапаліт БАПЦ Андрэй (Крыт). Ён у сваім артыкуле падлавіў Пануцэвіча на некалькіх недакладнасьцях і зрабіў выснову:

...тыя, што бліжэй ведалі Акінчыца, ніколі ня чулі, каб ён воража адносіўся да Гадлеўскага, ведаючы, што Гадлеўскі ніколі ня быў дэмакратам, а ягоную функцыю намесьніка школьнага інспэктара лічыў зусім малаважнаю ў палітычным жыцьці. Найбольшым сваім супраціўнікам Акінчыц лічыў Астроўскага і кіраўніка Беларускае Самапомачы д-ра Ермачэнку5.

  4 Нац. архіў. Ф. 384, воп. 1, спр. 5.

   

А. Крыт мог памыляцца наконт палітычнае вагі Гадлеўскага, але меў рацыю, калі пісаў, што Акінчыц моцна не любіў Ермачэнкі. У пачатку 1943 г. нямецкімі ўладамі быў перахоплены ліст Генрыка Барановіча да Міхася Ганька — супрацоўнікаў Акінчыца. Барановіч пісаў Міхасю Ганьку, на той час супрацоўніку Генкамісарыяту, пра тое, што неўзабаве прыедзе з Акінчыцам і чарговай групай прапагандыстаў у Менск, ды настаўляў супраць Ермачэнкі і ягонай БНСаўскай каманды:

Аб тым, што датычыць клікі Ермачэнкі (створанай толькі ў Беларусі), будзем з Вамі гаварыць у Мінску. Сёння магу Вам сказаць толькі адно: Вы будзеце здзіўлены рознаму — ёсьць на тое падстава. Усё ж Вы ня можаце ўявіць, што людзі, якія імкнуцца паказаць сябе вонкава надзейнымі і ляяльнымі да Нямеччыны і беларускай справы, якія разам з намі маршыруюць і скандуюць, вельмі часта зьяўляюцца найменш паўнацэннымі, лгунамі, вераломнымі і агіднымі суб’ектамі, нягоднікамі, нават сьвіньнямі. Узнікае пытаньне чаму і як доўга такія анучы будуць засьмечваць сьвятую зямлю? (…) Калі мы прыедзем у Мінск, узарвецца бомба — у гэтым некаторыя паночкі могуць не сумнявацца. I абсалютна ўпэўнены, што ваўкоў у авечай скуры паразяць прызначаныя ім асколкі6.

  5 Уздым (Кліўлэнд). 1965. № 11.

   

Што мелася на ўвазе пад асколкамі? Тэракт ці данос? Цяпер дазнацца цяжка. Але празь месяц пытаньне было зьнятае з парадку дня. Акінчыц быў застрэлены ў Менску.

У 1982 г. выйшлі ўспаміны грамадзкага дзеяча Леаніда Галяка. Жонка Раіса Галяк пракамэнтавала адзін з наступных сюжэтаў:

Як казаў [Язэп] Найдзюк, пад [Вацлавам] Іваноўскім зямля гарыць і ён ня хоча жыць разам зь ім у адным памешканьні. Паўтараў гэта ён многа разоў, бо мы разам працавалі ў Школьным Інспэктараце і разам вельмі часта хадзілі на працу або з працы. Як пазьней даведаліся ад самога Іваноўскага ў сувязі з адным няпрыхільным рапартам на яго нямецкім уладам, якраз кс. В. Гадлеўскі (Вінцэсь, як яго прыватна называў праф. Іваноўскі), лічачы яго Палякам, рабіў усе магчымыя захады яго пазбыцца і, як зазначыў Іваноўскі, якраз першы сярод многіх іншых. Тады мне зрабілася зразумелым, чаму Найдзюк усё паўтараў, што пад Іваноўскім гарыць, бо паўтараў гэта са слоў кс. Гадлеўскага7.

  6 Туронак, Ю. Людзі СБМ. Менск, 2006.

   

Той самы Галяк у сваіх успамінах падае, што ў 1946 годзе Янка Станкевіч адмовіўся ўвайсьці ў Беларускі дапамогавы камітэт з той прычыны, што ў камітэт таксама ўваходзіў Іван Касяк, які, на думку Станкевіча, напісаў данос на Іваноўскага:

...як цьвердзіў Я. Станкевіч, І. Касяк быў напісаўшы «ўданьне» на праф. В. Іваноўскага. На пацьвержаньне гэтай акалічнасьці Я. Станкевіч прасіў дапытаць Віктара Чабатарэвіча. В. Чабатарэвіч пацьвердзіў, што працуючы ў Менскім СД [перакладчыкам. — А. Г.] меў магчымасьць чытаць гэты твор Касяка. І Касяк у такіх абставінах … пацьвердзіў гэты факт, баронячыся тым, што праф. В. Іваноўскі дзеяў, як польскі агент, дзеючы на шкоду беларусам8.

  7 Галяк, Л. Успаміны. Кніга 1... 1982.

   

Праўда, чамусьці Леанід Галяк забыў, што на тым самым паседжаньні ў 1946 г. Іван Касяк сьцьвярджаў пра тое, што Іваноўскі сам напісаў данос на шэраг беларусаў, у тым ліку і на яго самога.

НА ЭМІГРАЦЫІ — ПРАЦЯГ

Практыка напісаньня даносаў працягнулася і на эміграцыі. Беларусы ў лягерах Ды-Пі аказаліся падзеленыя паводле сваіх палітычных поглядаў: на прыхільнікаў Рады БНР і БЦР. І адныя, і другія, каб утрымацца на плыву, імкнуліся наладзіць супрацоўніцтва з уладамі і спэцслужбамі тых краінаў, дзе знаходзіліся, і паралельна пазбавіцца канкурэнтаў. Найбольш гэта выявілася, як настаў час выяжджаць зь лягераў у іншыя краіны. Данос у службу выведкі азначаў, што тэарэтычнага эмігранта маглі не выпусьціць зь Нямеччыны.

Прыхільнік БЦР Яўхім Кіпель з роспаччу пісаў прафэсару Мікалаю Сьцяпанаву:

Ну, брат, нарэшце і мяне паклікалі да СІС [служба контравыведкі. — А. Г.]. (...) У заключэньне яны сказалі, што пытаньне аб маёй эміграцыі вырашыцца ня так скора — празь месяц або два. У часе гутарак я зразумеў, што на мяне пададзены велізарнейшы данос, што я адным словам камуніст і ў лягерах, калі і быў, дык памагаў камуністам. Пра ўсё гэта я даў грунтоўны адказ пра маю ролю ў Б.Ц.Радзе да капітуляцыі і ў барацьбе з крывічамі пасьля капітуляцыі. Цікавіліся Астроўскім і Сабалеўскім, іншымі не цікавіліся. Дакумэнты мае аб лягерах трымалі тыдні два, а потым вярнулі, таксама цікавіліся дыплёмам, паказаў я ім усе газэты, якія я выдаваў. Ну вось і усё. (...) Ну, брат, «крывічы», і даліся нам у знакі. Яны кажуць, што мяне ні за што не пусьцяць у Амэрыку. Ігнатовічу адмовілі ў эміграцыі ў ЗША, прычыны невядомыя. Таксама па даносу [затрымалі] Жарскага сьвяшчэньніка і да гэтага часу яшчэ не высьветлілі. Яму па даносу крывічэй прад’явілі абвінавачваньне, што ён агент маскоўскага патрыярха...9.

  8 Галяк, Л. Успаміны. Кніга 2... С. 62.

   

І тыя, хто пісаў даносы, і тыя, на каго пісалі, былі сьведамыя беларускія дзеячы. Цікава, што пра ўзаемныя даносы згадваецца так спакойна, што ствараецца ўражаньне, што гэта была звычайная справа для таго часу.

У тых умовах, як і цяпер, кожны рабіў свой выбар і нацыянальны, і палітычны, і маральны.

ЗАМЕСТ ПАСЬЛЯМОВЫ

Некаторыя дзеячы вядуць гаворку пра бэатыфікацыю Гадлеўскага. Ватыканская камісія, якая будзе прымаць гэтае рашэньне, дэталёва вывучыць усе аспэкты ягонага жыцьця. І яна відавочна знойдзе інфармацыю, што сьвятар Вінцэнт Гадлеўскі ў 1939—1941 гг. супрацоўнічаў з Абвэрам (як і Мікола Шчорс, «для беларускіх мэтаў»), і тое, што 22 чэрвеня 1941 г. выступіў на бэрлінскім радыё Вінэта з прамовай да беларусаў з заклікам змагацца супраць маскоўскага бальшавізму... Магчыма, гэта, як і гісторыя з даносам на Станкевіча, застанецца толькі тым брудам, які да сьвятога не прыліпае...

Ніхто ня мае сумневу, што кс. Гадлеўскі — добры пастар, пра што памяталі прыхаджане, што ён быў беларускім патрыётам, які працаваў дзеля карысьці Беларусі і зрабіў шмат карыснага для сотняў людзей, робячы гэта (зрэшты, як і іншыя тагачасныя беларускія дзеячы) даступнымі сродкамі ў складанай сытуацыі...

Але нам сёньня неабходна абсалютна цьвяроза глядзець і на Гадлеўскага, і на Ермачэнку, і на Астроўскага, і на Акінчыца і іншых, кожны зь якіх працаваў для сваёй Беларусі, сваімі сродкамі і быў... звычайным чалавекам.

І ня варта рабіць зь людзей нацыянальных герояў толькі таму, што яны мелі дачыненьне да фармаваньня нацыянальнай палітыкі. У ваенных падзеяў свая сыстэма вымярэньня, прыдатная і для стварэньня мітаў, і для іх руйнаваньня.

  9 Архіў Івана Касяка. 04-0730 A.

Пачатак  Цалкам Форум

№ 3 (54) - 2007

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2007 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2007/05/19